Общество

Алеся Матусевіч

Паліна Шарэнда-Панасюк: «Зараз палітвязень – увесь беларускі народ, які застаўся ў закладніках у тэрарыстычнага рэжыму»

Былая палітзняволеная распавяла пра ўмовы ў вязніцах, атмасферу 2025-га і чаму лічыць перамовы з Лукашэнкам немагчымымі.

Былая палітзняволеная, актывістка «Еўрапейскай Беларусі» Паліна-Шарэнда Панасюк 1 лютага выйшла на свабоду. На мінулым тыдні яна пакінула Беларусь і цяпер знаходзіцца ў бяспецы ў Вільні разам з сям’ёй.

10 лютага Паліна сустрэлася з журналістамі незалежных медыя і распавяла пра адносіны да палітвязняў і «кантынгент» у беларускіх папраўчых установах, атмасферу страху, якую стварыў рэжым у Беларусі, і чаго дагэтуль баяцца ўлады.

Паліна Шарэнда-Панасюк правяла ў зняволенні больш за чатыры гады. Тройчы ёй дадавалі новыя тэрміны паводле артыкула 411 («злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»).

За гэты час 270 содняў агулам яна правяла ў карцарах і штрафных ізалятарах, таксама некалькі разоў знаходзілася на прымусовай псіхіятрычнай экспертызе ў Навінках.

Але сёння Паліна, хоць і мае патрэбу ў фізічнай і псіхалагічнай рэабілітацыі, больш перажывае не за сябе, а за тых палітзняволеных беларусак, хто працягвае заставацца ў зняволенні ў ІК-24. І хто, паводле яе слоў, знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане.

«Можа стаць першай жанчынай, якая памрэ ў калоніі праз здзекі»

— Насамрэч, палітвязняў не тысяча з нечым чалавек, іх нашмат болей. На ўсіх этапах, якія я праходзіла, сутыкалася з людзьмі, затрыманымі па палітычных матывах. На жаль, яны альбо самі баяцца называць сябе палітвязнямі, альбо сваякі запалоханыя. Сёння ж палітвязняў — тусячы і тысячы. Калі браць абагульнена, зараз палітвязень — увесь беларускі народ, які застаўся ў закладніках у гэтага тэрарыстычнага рэжыму.

Але асобна хачу распавесці пра іншых палітвязынак, якія ўтрымліваюцца ў ІК-24 ў Зарэччы: Вольга Маёрава, Алена Гнаук і Вікторыя Кульша. Становішча іх проста жахлівае.

Вікторыя Кульша — чалавек, перад якім я схіляюся, таму што яна не здаецца. Яна трымала галадоўкі месяцамі, яна ўскрывала сабе вены. Чалавек адмаўляўся ад ежы, яе кідалі ў ШІЗА, але і там яна працягвала галадоўку і гатовая была ісці да канца, нягледзячы на цяжкі стан здароўя.

Яе супрацьстаянне тэрору працягваецца ўжо чатыры гады. У яе ўжо адмовілі ныркі, ёсць іншыя захворванні, але яна працягвае трымаецца. Я прашу, каб імя Вікторыі Кульшы не знікала са старонак незалежных медыя, з павесткі дня дыпламатаў і дэпутатаў Еўразвязу. Бо яна рэальна можа стаць першай жанчынай, якая памрэ ва ўмовах лукашэнкашскага гвалту.

Вользе Маёравай, працягвае расказ Паліна, турэмшчыкі перакрылі магчымасць атрымання любых пасылак і перадач — як «тэрарыстцы». Ёй не могуць перадаць нават шампунь і мыла, і яна вымушаная хадзіць ў выдадзеных абносках.

Гэта не кажучы ўжо пра ціск з боку як адміністрацыі калоніі, так і іншых зняволеных, хто супрацоўнічае з сілавікамі. Асобна Вользе Маёравай «прылятае» за беларускую мову, якой тая карыстаецца ў калоніі.

Алена Гнаук, чалавек ужо сталага ўзросту, з многімі захворваннямі — таксама ў цяжкім стане. У яе, ва ўсіх трох няма сувязі з роднымі. Калі прадастаўляецца спатканне, па-першае, вязням не даюць нават інфармаваць родных аб ім, а па-другое, гэта ўжо алгарытм: за пару дзён да спаткання даюць нейкае парушэнне і змяшчаюць у ШІЗА, пазбаўляючы і спатканняў, і тэлефанаванняў.

«Калі чую пра перамовы з Лукашэнкам, мне робіцца смешна»

Паліна вельмі даходліва распавядае, як уяўны «гуманізм» рэжыму, хвалі памілаванняў выглядаюць з таго боку вязніцы. Спачатку на палітвязняў пачынаецца ціск, і яго ўзмацняюць да той пары, пакуль вязень не пагодзіцца напісаць прашэнне. Тых, каго не зламалі ў першы раз, працягваюць катаваць далей, дамагаючыся словаў пра «раскаянне».

— Калі не напішаш, ты ніколі адсюль не выйдзеш, не пабачыш сваіх дзяцей. Яны будуць расці без цябе. Гэта тое, што чула я ад праўстаўнікоў Дэпартаменту выканання пакаранняў.

І заключны этап, калі чалавек прайшоў праз прашэнне аб памілаваннях, у шмат якіх выпадках праз «інтэрв’ю» прапагандыстам — каб яго канчаткова дыскрэдытаваць, як яны думаюць, яго прымушаюць падпісаць паперу аб канфідэнцыйным супрацоўніцтве.

Паліна Шарэнда-Панасюк публічна дэзавуявала дамову з беларускімі сілавікамі аб супрацоўніцтве — так што агента з псеўданімам «Эдэльвейс» у іх няма. Яна заклікала рабіць тое самае і іншых экс-палітвязняў, каб не пакідаць сілавікам рычагоў маральнага ціску.

На пытанне «Салідарнасці», ці шмат інфармацыі аб стане спраў за сценамі вязніцы даходзіць да вязняў, і ці працягваюць сілавікі дэзынфармаваць людзей, што на волі ўсе аб іх забыліся, Шарэнда-Панасюк адказвае:

— Інфармацыя практычна не даходзіць. Калі людзей месяцамі трымаюць у ПКТ, у ШІЗА — ніякіх звестак яны не атрымліваюць. А адвакаты запалоханыя, яны таксама нічога не кажуць, глядзяць у падлогу.

Тое ж, што «на вас усім напляваць», мы чуем кожны раз. Тут шмат у чым залежыць ад чалавека, калі ў ім ёсць унутраны стрыжань, ён разумее, што гэта лухта і падман. Але ёсць шмат людзей, якія ўпершыню сутыкнуліся з гэтым жахам — на жаль, у іх апускаюцца рукі, і яны сапраўды думаюць, што ўсе на іх забыліся, што іх тут заб’юць і нікому не будзе цікава.

Рэжыму вельмі зручна, падкрэслівае Паліна, каб беларусы маўчалі: вязні, іх сваякі, — такім чынам яны пераконваюць усіх, што старонка перагорнутая, а пратэстныя настроі закатаныя ў асфальт. Але гэтага рабіць нельга, і самім вязням гэтае маўчанне нічога не дае. Шмат у якіх выпадках, гаворыць былая палітвязынка, ні «памілаванне», ні інтэрв’ю на тэлекамеру не гарантуюць хутчэйшага вызвалення.

Яшчэ больш катэгарычна Паліна ставіцца да ўмоўных перамоў з беларускіх рэжымам аб вызваленні закладнікаў:

— Калі я чую пра перамовы з Лукашэнкам, мне робіцца смешна. Лукашэнка — не самастойная фігура ў Беларусі, гэта расійская марыянетка. Яму дазваляецца ў пэўных межах крычаць, тупаць нагамі, варушыць брывамі. Але я ўпэўнена, што ў пытаннях беларускага нацыянальнага вызвольнага руху ён нічога не вырашае, а вырашае Расея. Як прыклад — калі ў мяне прыязджалі браць інтэрв’ю прапагандысты, іх «курыраваў» расеец.

Тое, што выйшла я — гэта сітуацыя не дамовы з рэжымам, не саступак з яго боку, а менавіта таго, што дайшлі да пэўнай кропкі, даціснулі. Бачна, што санкцыі дзейнічаюць, і нягледзячы на ўсе гаворкі пра імпартазамяшчэнне, для прадстаўнікоў рэжыму яны вельмі балючыя.

І калі ад іх адмовіцца, не даціснуць — гэта значыць, што праз пэўны час будуць новыя палітвязні. Бо рэжым убачыць, што тактыка гандлю закладнікамі  працуе. Таму я лічу, што санкцыі — гэта нават мякка, патрэбная жорсткая эканамічная блакада. А нам трэба не маўчаць, а крычаць пра тое, што адбываецца. Інакш рэжым будзе маніпуляваць вязнямі і іх сваякамі.

«ШІЗА — своеасабілвая перадача «За шклом»

— Як на мяне, то маральныя катаванні больш цяжкія. Бо ў пэўны момант ты адчуваеш, што траціш кантроль над сваім розумам. Ты сядзіш 10 дзён і ведаеш, што накінуць яшчэ 10, і яшчэ 10 (з лістапада 2024 года — 15) содняў ШІЗА… Ёсць адчуванне бяссілля, толькі ўнутраны дух захоўваеш, каб не зламацца, не распусціцца. Бо яны сапраўды чакаюць, што перад імі ўпадуць на калені, стануць слёзна маліць.

Што такое ШІЗА?  Голае памяшканне, дзе няма нічога. Табе выдаюць форму з надпісам ШІЗА на спіне, яна можа быць маленькая, спадніца на табе, як на жанчыне з нізкай маральнай адказнасцю.

Яшчэ адміністрацыя можа гуляцца і дазволіць знаходзіцца толькі ў майцы на брэтэльках. Шмат у каго такой няма — апранаюць проста спінжак на голае цела. І можаш месяц сядзець у гэтай форме: ходзіш у ёй, спіш пры ўключаным суткамі святле, адкрыты ўнітаз пад камерамі. Такая своеасаблівая перадача «За шклом».

Холад, вільгаць, у якой нічога не сохне і людзі апранаюць мокрае на сябе — гэта, зразумела, правакуе хваробы. Душ — як быдла выганяюць, калі няма гарачай вады — мыцца халоднай альбо «маеце права не мыцца», і на ўсё толькі 10 хвілін.

Што да «кантынгенту» калоній, далёка не ўсе вязні супрацоўнічаюць з адміністрацыяй, кажа Паліна Шарэнда-Панасюк.

— Ёсць, безумоўна, група, якая супрацоўнічае, свядома робяць правакацыі. З намі яны рабілі тое, што ўжо адпрацавалі раней на сваіх калегах па няшчасці, гэта ўжо запісныя даносчыкі.

Другая катэгорыя — гэта тыя, хто сядзіць гадамі. І я ўпершыню сутыкнулася з тым, якое бядотнае становішча не ў гарадах, якое літаральна жабрацтва. Людзі сядзяць без анічога, і проста пачак гарбаты за 2 рублі ці пачак цыгарэт — за гэта яны ідуць, на жаль, на правакацыі супраць палітвязняў.

Але большасць, да гонару беларускага народу, нават гэтых жанчын, якія злоўжываюць алкаголем, вядуць нездаровы лад жыцця — у іх было нармальнае, адэкватнае разуменне сітуацыі, было спачуванне нам. Можа быць, не вонкава, дзесці ціха ў куточку падыходзілі: «Мы вас шкадуем, але тут усе баяцца, нічога сказаць не можам».

«Кожнаму палітвязню я б сказала, што ён герой»

— Паліна, якой вы ўбачылі краіну і людзей у 2025-м, які настрой адчулі ў крамах, на вуліцах: страх, злосць, стомленасць, ці нешта яшчэ?

— Я не так шмат бачыла Беларусь, бо амаль адразу пасля выхаду з’ехала. Але адчуванне было, як быццам у людзей маскі на тварах. Яны ходзяць па крамах, закупляюцца, як быццам нічога не адбываецца. Аднак, усе баяцца.

Нават сваякі, якія мяне везлі, казалі: «Только, ради бога, ни на что не подписывайся, ничего не лайкай!». То бок, людзі баяцца націснуць кнопачку на тэлефоне. На жаль, у гэтым плане рэжым дасягнуў сваёй мэты ў абмежаванні інфармацыі, абмежаванні доступу да незалежных крыніц.

І над гэтым пытаннем, пытаннем страху і данясення ў такіх умовах незалежнай думкі, усім тым, хто гэтым займаецца, на мой погляд, трэба вельмі моцна думаць. Таму што людзі прагнуць такой інфармацыі, але яны запалоханыя. Калі за адзін клік ты можаш патрапіць у жудасную сістэму рэпрэсій — гэта, канешне, вельмі моцна стрымлівае.

Тым не меш, Паліна Шарэнда-Панасюк збіраецца ўзяць толькі невялікі час на тое, каб ачуняць, заняцца дзецьмі і ўласным здароўем — і надалей плануе займацца палітыкай, перадаваць праваабаронцам сведчанні і прозвішчы карнікаў з турэмнай сістэмы.

— Я планую сустракацца, даносіць інфармацыю, якой валодаю, да тых структур, якія могуць уплываць на сітуацыю ў Беларусі, на сітуацыю з палітвязнямі.

Чым грамадзянская супольнасць яшчэ можа дапамагчы былым палітвязням?

— Кожнаму я б сказала, што ён герой. Таму што ён выйшаў, ва ўмовах ціску, без перабольшання, Паўночнай Карэі, у якую ператварылася Беларусь. Ведаючы, што выйсці на плошчу — ты можаш не толькі атрымаць дубінкай, але быць забіты… Мы, беларусы, мусім навучыцца паважаць сваіх герояў.

Жывых герояў, бо ў нашай гісторыі, на жаль, дастаткова мёртвых. Мы мусім выхоўваць сваю генерацыю герояў, бо з іх адраджаецца нашая нацыя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.3(47)